Лідарка беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку дала інтэрв'ю выданню Politico, дзе расказала пра новую стратэгію дэмсіл і пра тое, як яе муж Сяргей прывыкае да свайго новага становішча пасля вызвалення.

Палітыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа — «мяккі» стыль зносін з аўтарытарнымі лідарамі — цяпер распаўсюджваецца і на Беларусь. Як лічыць Святлана Ціханоўская, у гэтым ёсць і станоўчы бок.
— Калі такая рыторыка — вядома, яна нам непрыемная — дапаможа вызваліць людзей, то гэта прымальна. Прэзідэнт Трамп выкарыстоўвае «пернікі», каб дабівацца вызвалення палітвязняў. Ён падыходзіць да праблемы як да ўгоды, і нам трэба выкарыстоўваць гэты шанец, — мяркуе палітык.
Белы дом актыўна выбудоўвае адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам, нягледзячы на міжнародную ізаляцыю апошняга за падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну і жорсткае здушэнне пратэстаў 2020 года. Трамп пазваніў Лукашэнку перад сваёй сустрэчай з Уладзімірам Пуціным на Алясцы ў жніўні, перадаў праз спецпасланніка Джона Коўла ліст на дзень нараджэння і назваў Лукашэнку ў Truth Social «вельмішаноўным прэзідэнтам». Сам Лукашэнка заяўляе, што Трамп пагадзіўся прыехаць да яго ў Мінск.
Хоць такое збліжэнне расчароўвае многіх беларусаў, Ціханоўская, якая яшчэ некалькі месяцаў таму заклікала Трампа «пакараць» Лукашэнку, прызнае: жэсты Трампа акупляюцца, калі з турмаў выходзяць палітвязні.
— Гэта змяненне амерыканскай палітыкі? Не, гэта не так, — разважае яна.
Раней пасля візіту спецпрадстаўніка Кіта Келага ў чэрвені Лукашэнка вызваліў мужа Ціханоўскай, палітыка і блогера Сяргея Ціханоўскага. У верасні ўлады выпусцілі яшчэ 52 зняволеных пасля таго, як Белы дом зняў санкцыі з авіякампаніі «Белавія».
— Беларусам непрыемна чуць, як Трамп камунікуе з Лукашэнкам. Але беларусы — разумныя і дарослыя людзі, яны не засмучаныя. Яны разумеюць: калі б гэтых размоваў не было, ніхто б не падымаў пытанне пра вызваленне 1300 палітвязняў, — прызнаў Ціханоўскі.
Тым часам погляд беларускай апазіцыі на трансатлантычную кампанію ціску на Лукашэнку змяніўся, піша выданне. Дэмсілы па-ранейшаму робяць стаўку на адміністрацыю Трампа ў пытанні вызвалення вязняў, але галоўная надзея цяпер на Еўропу і яе ўсё больш жорсткія санкцыі, якія, на думку каманды Ціханоўскай, здольныя рэальна прасунуць справу вызвалення Беларусі.
— Санкцыі і жорсткая, прынцыповая пазіцыя ЕС — гэта, кажучы мовай прэзідэнта Трампа, іх козыры. Трамп гуляе сваімі картамі, але еўрапейскія карты мусяць выкарыстоўвацца толькі для таго, каб дабіцца незваротных і паслядоўных зменаў у Беларусі, — лічыць Ціханоўская.
Сам Сяргей Ціханоўскі, які выйшаў на волю крыху больш за тры месяцы таму, пакуль шукае свайго месца ў апазіцыі. Ён прабыў пяць гадоў у зняволенні, больш за два гады — без сувязі з вонкавым светам.
Як тлумачыць Ціханоўская, яе муж «апынуўся ў 2025-м, але ментальна ён яшчэ ў 2020-м». Паводле яе, працэс адаптацыі быў цяжкім.
— Яму цяпер, магчыма, крыху складана бачыць мяне ў гэтай новай ролі. Увесь яго свет перакуліўся з ног на галаву. Але я думаю, ён да гэтага прывыкне. Ён знойдзе сваё месца, — упэўненая лідарка дэмсіл.
Сам Ціханоўскі ацэньвае, што будзе гатовы выбраць кірунак сваёй дзейнасці — будзе гэта палітыка ці СМІ — прыкладна праз паўгода.
— Пакуль я бачу сваю задачу ў тым, каб вызвалілі ўсіх 1300 зняволеных. І не проста вызвалілі, а каб ім аказалі падтрымку і выплацілі грашовае ўтрыманне, — кажа ён.
Нагадаем, падчас сустрэчы з дыяспарай у Нью-Ёрку 24 верасня памочнікі паспрабавалі адвесці Святлану Ціханоўскую з мерапрыемства на інтэрв'ю тэлеканалу CNN. Сяргей выступіў рэзка супраць, заявіўшы, што ім «трэба пагаварыць з беларусамі, як запланавана, цягам гадзіны і не сыходзіць адсюль на інтэрв'ю на CNN».
— Гэта не той канал, які патрэбны. Гэта ж не Fox News. Fox News — вось гэта канал, які глядзіць Дональд Трамп, і яму будзе прыемна ўбачыць Святлану Георгіеўну на Fox News і вызваліць нашых хлопцаў. А калі ён убачыць яе на CNN, то мне здаецца, што будзе адваротны эфект. Акрамя таго, у нас гэтая сустрэча задоўга была запланаваная, і я лічу, што непрыгожа, няправільна будзе кінуць беларусаў тут і пайсці на CNN, сябры. Гэта маё меркаванне, — сказаў Сяргей Ціханоўскі.
Ён таксама заявіў, што «гэта робіць усё вось грамадзянін Франак» (дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — Заўв. рэд.).
— Яму трэба больш інтэрв'ю, больш івэнтаў і гэтак далей, — сказаў Ціханоўскі.
Пасля гэтага інтэрв'ю CNN адмянілі.
Пасля Сяргей Ціханоўскі апублікаваў пост з тлумачэннямі.
«Мы занадта часта разыходзімся ў меркаваннях з атачэннем Святланы. Гэта праблема. Я ўсведамляю, што мушу вырашыць гэтую праблему з мінімальнымі выдаткамі для нашай агульнай справы», — адзначыў Сяргей Ціханоўскі.
Ціханоўскі прызнаў, што яго інтанацыя была грубай, апраўдваўся недасыпам і абурэннем «выкарыстаннем яго як талісмана». Ён дадаў, што пра інтэрв'ю CNN даведаўся нечакана, за 20 хвілін да пачатку сустрэчы з дыяспарай.
Чытайце таксама