Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Беларус ехаў у Літву з італьянскай візай, але яго развярнулі на мяжы. Расказваем, у чым прычына і як не трапіць у такую сітуацыю
  2. Ученый в непубличном письме объяснил Лукашенко, почему в Беларуси не находят нефть, которую тот «нутром чует» — рассказываем
  3. Мать певицы и телеведущей Екатерины Водоносовой намерены депортировать из Польши в Литву — несмотря на ее возраст и онкологию дочери
  4. «Ощущение фальши и подделки повсюду». Блогер съездил из Берлина в Минск и описал, каким его увидел, — многих это задело
  5. Улады вызначылі, колькі беларусы будуць працаваць у наступным годзе. Відаць, іх рашэнне вам не спадабаецца
  6. Мабільныя аператары ўводзяць змяненні для кліентаў
  7. «Не лічыце нас дурнямі». Генерал Келаг патлумачыў, чаго ЗША чакаюць ад «Белавіі» пасля зняцця часткі санкцый
  8. «Мы не наіўныя». Генерал Келаг расказаў «Люстэрку», чаму ЗША вядуць перамовы з Лукашэнкам, хаця колькасць палітвязняў толькі расце
  9. «Вельмі дорага, праблематычна». Лукашэнка прызнаў, што вырашыць «самую вялікую праблему Беларусі» наўрад ці ўдасца
  10. Бывшего беларусского силовика задержали в оккупированном Крыму, пытали там в СИЗО, а потом передали Беларуси — «Вясна»
  11. Беларусь и Россия, похоже, готовят диверсию в Польше, чтобы во всем обвинить Украину — к таким выводам пришли эксперты и вот почему
  12. Оказывается, в РФ еще два года назад вышел первый беларусско-российский учебник по истории. Мы его прочли и отыскали много удивительного
  13. Банкі абавязалі прымаць купюры, якія «свецяцца»
  14. Ці страціла Беларусь суверэнітэт і незалежнасць? Меркаванне
  15. «Мне спадабалася, калі палякі закрылі мяжу». Экс-кіраўнік МЗС Літвы — пра тое, чаму Вільнюс можа не ўзяць прыкладу з Варшавы
Читать по-русски


/

Міхаліна — выкладчыца беларускай мовы і літаратуры. Для настаўніцы гэта шосты навучальны год. І трэці, калі яна працуе ў Першай беларускай анлайн-школе ва Украіне. Пра тое, як пачынала свой шлях у адукацыю, булінг, з якім сутыкаюцца супрацоўнікі школ, а таксама урокі ў класе і праз інтэрнэт яна расказала «Люстэрку».

Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

З меркаванняў бяспекі імя суразмоўніцы змененае.

Міхаліне 25 гадоў. Цяпер дзяўчына жыве на Балканах, а нарадзілася яна ў невялікай беларускай вёсцы. Тут скончыла 11 класаў і вырашыла, што хоча вучыць дзяцей. Паўплывала на гэта яе выкладчыца роднай мовы і літаратуры. Яна адкрыла для тады яшчэ вучаніцы «свет беларускасці».

З якімі прадметам хацела б знаёміць дзяцей, Міхаліна доўга не думала. Паступіла ў адзін з абласных педагагічных універсітэтаў. Неўзабаве пачала працаваць: здарылася гэта на чацвёртым курсе. Студэнтцы патрэбныя былі падпрацоўкі, ды і ў той год яна атрымлівала дыплом, і варта было падумаць пра размеркаванне. І ў пачатку 2020-га беларуска стала настаўніцай.

— Знаходзілася школа ў такім раёне, дзе большасць бацькоў вяла, так скажам, амаральны лад жыцця. Прыстойных паводзін у вучняў трэба было дамагацца. Далі, як зараз помню, восьмы клас (казалі, ён самы складаны), і пачалося маё настаўніцкае змаганне, — успамінае суразмоўца. — Калі толькі ўвайшла ў клас, першае, што пачула: «Ну, 18 ёй ёсць». Адчула поўнае расчараванне. Да такога я была не гатовая. На той момант у мяне не было нават педагагічнай практыкі, яна пачыналася акурат перад дыпломнай. Я ведала свой прадмет, але не разумела, як працуе адукацыйная сістэма. Выходзіла, што я хачу паказаць веды, а дзеці проста пачынаюць здзекавацца.

Той урок вучні Міхаліне сарвалі. З кабінета яна выйшла з двума супрацьлеглымі пачуццямі: ўсё кінуць ці пазмагацца. Дома паплакала і вырашыла даць сабе яшчэ некалькі тыдняў. Разумела: падлеткі хочуць сябе паказаць. На наступны занятак з ёй пайшла завуч. Яна прадставіла маладую настаўніцу класу і сказала, што трэба яе паважаць. Для педагога гэта было важна, але не вельмі дапамагло. Школьнікі пачалі яе ўспрымаць больш сур’ёзна, але ж здаралася, што на занятках дзеці палілі, закідвалі ногі на парты, аднойчы надзелі ёй сметніцу на галаву.

— Я не вельмі любіла сядзець у настаўніцкай, усе гэтыя плёткі абмяркоўваць. Мне падабалася ўзяць усё, што патрэбна, і ісці ў кабінет, дзе павінен быць урок, — спыняецца на той сітуацыі выкладчыца. — Прыйшла загадзя, увайшла ў клас, і на мяне прыляцела вядро. Думаю: што рабіць? Я не вельмі любіла скардзіцца, таму сама правяла з дзецьмі размову. Кажу: «Я, вядома, усё разумею, але перад вамі настаўніца, дзяўчына. Як вы, хлопцы, сябе паводзіце? Уявіце, што вашай маці, сястры такое зрабілі». Сталі тлумачыць: «Гэта не вам…» Прызнацца, якія б там адносіны паміж намі ні былі, яны ніколі не пераходзілі на «ты». Заўжды было «вы». Гэта дзівіла, але выбачэнняў я так і не атрымала.

Скардзіцца калегам на дзяцей Міхаліна не любіла. Зрабіла гэта толькі тады, калі эмацыйна ўжо не вытрымала. Настаўнікі ў большасці ставіліся да яе з павагай і параілі звярнуцца да класнай падлеткаў, тая ў адказ заявіла, што маладая выкладчыца сама ва ўсім вінаватая. Накрываў адчай і пачуццё адзіноты. Працаваць было няпроста, але часам дапамагалі акалічнасці. Напрыклад, падчас першай змены дзеці разумелі, што ў школе знаходзіцца адміністрацыя, таму паводзілі сябе больш стрымана.

— Але як стрымана… сядзелі ў тэлефонах, — успамінае суразмоўніца. —  Большая частка за восем гадоў прызвычаілася спісваць.

Навучыць іх чамусьці, прызнаецца, было нялёгка. І ўсё ж з часам адносіны паміж класам і маладой настаўніцай пачалі мяняцца ў лепшы бок. Дапамагала і практычнасць педагога (некаторыя троечнікі за чацвёрку былі гатовыя пасядзець ціха) і зацікаўленасць дзяцей да нечаканага падыходу на ўроках.

— Я з імі была заўжды шчырая, калі пыталіся: «Вы за каго: за цяперашнюю ўладу ці новую?» — адказвала, як думала. За што потым хадзіла да дырэктара, — з усмешкай вяртаецца дзяўчына ў восень 2020-га. — А яшчэ я заўжды размаўляла ў жыцці па-беларуску. Яны бачылі гэта, калі, напрыклад, мы ехалі кудысьці ў транспарце. І іх гэтая пазіцыя чапляла, бо яны ўсе былі прарасійскімі. На занятках расказвала цікавосткі пра пісьменнікаў. Звяртала ўвагу на тое, чаму беларуская мова аказалася ў заняпадзе.

Міхаліна спрабавала дагрукацца да сэрцаў дзяцей, аднак у нейкі момант прыняла, што не атрымліваецца, і вырашыла дапрацаваць да зімовых вакацый і сысці. Але ў калектыве здарылася бяда: адна з філолагаў захварэла. Завуч папрасіла маладую каляжанку ўзяць яе вучняў. Там былі хлопчыкі і дзяўчынкі з пятага па восьмы клас.

— У малых дзяцей іншыя паводзіны. Яны ўспрымаюць цябе як нейкага куміра. Я з імі шчырая, і яны шчырыя. Нашы ўрокі былі для іх нестандартныя, бо да гэтага беларускую мову ў іх выкладалі па-руску. Па-беларуску было «добры дзень», дата, класная работа, — апісвае сітуацыю настаўніца. — Малых прывучалі: ёсць правіла, давай, расказвай. А як ён можа яго расказаць, калі не ведае беларускай мовы? Я гэтага не патрабавала. Мы вучылі лексіку. Для мяне было важна, калі дзіцё скажа слова, сказ пабудуе. Хацела навучыць іх размаўляць. Дзеці адчулі гэтую розніцу, і ім стала цікава. Адна дзяўчынка мне нават верш напісала.

Так маладая выкладчыца засталася ў школе да канца вясны. А потым яшчэ на год.

«Тут мне прапанавалі выкладаць, як лічу патрэбным, абы было цікава»

Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

На той момант хлопец (а цяпер ужо муж) Міхаліны быў айцішнікам. Калі пачалася вайна, ён сказаў: «Трэба з’язджаць». На аргумент, што ў яе яшчэ застаўся год размеркавання, паведаміў: аплоціць. Прыняць прапанову дзяўчыне было не вельмі проста, бо ні ў якай іншай прафесіі, акрамя педагогікі, яна сябе не бачыла.

— З аднаго боку, думала: раптам у мяне нічога не атрымаецца ў іншай краіне. З другога — разумела: са мной чалавек, які даваў шмат гарантый, — успамінае тагачасныя разважанні суразмоўніца. — У выніку вырашыла для сябе, што вярнуцца ў школу заўжды паспею. Да таго ж, калі ў цябе ёсць выбар быць вольным… Бо ў школе ты працуеш, як раб: у цябе няма свабоды слова, твае сацыяльныя сеткі праглядаюць — завуч, дырэктар і калегі былі на мяне падпісаныя. Калі пачалася вайна і маўчаць было немагчыма, я ўсё, што хацела сказаць, закідвала ў сторыз Instagram і рабіла так, каб яны гэтага не бачылі. Дзеці зноў жа пыталіся: «А вы за каго?» І здзіўляліся, што я адкрыта падтрымліваю Украіну (большасць настаўнікаў былі з такой жа пазіцыяй, але гэта не агучвалі). У многіх вучняў бацькі ездзілі на заробкі ў Расію, некаторым у сям'і казалі: «Каб не рускія, мы б даўно з голаду памерлі».

Узважыўшы ў той перыяд усё «за» і «супраць», Міхаліна ўсё ж пагадзілася на прапанову хлопца. За недапрацаваны год ёй налічылі 5000 долараў. Яна іх выплаціла і звольнілася. А далей здарылася дзіўнае, і лёс склаўся так, што яна хутка зноў аказалася ў школе. Гэта была Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне.

— Я камунікавала з хлопцам, які выкладае тут гісторыю. Пісала яму па парады, і ён мяне сюды паклікаў. Сказаў: «У нас сышла настаўніца беларускай мовы і літаратуры». Патлумачыў, што гэтая ўстанова была заснаваная з мэтай захаваць прадметы беларускага вектару — нашу мову, культуру, гісторыю, каб дзеці мелі магчымасць вывучаць сваё, — вяртаецца да падзей 2022-га дзяўчына. — Адказала: «З вялікім задавальненнем».

У гэтай анлайн-школе вучацца беларускія дзеці, сем'і якіх жывуць у розных краінах. Сярод іх Беларусь, Расія, Польшча, Літва, ёсць хлопцы і дзяўчаты з ААЭ, ЗША і нават Японіі. Выпускнікі атрымліваюць украінскі атэстат, таму прадметы Міхаліны ў іх ідуць як дадатковыя. Але па правілах установы іх абавязкова наведваць.

— Першае, што для мяне было нязвыкла, у звычайнай адукацыйнай школе ў цябе ёсць праграма, і ты павінен працаваць у яе межах. А тут мне прапанавалі выкладаць, як лічу патрэбным, абы было цікава. Я сама абіраю, як будаваць урок па мове, якія творы чытаць, — расказвае настаўніца, якая зараз працуе з 9−11-мі класамі. — Па мове заняткі ў першую чаргу зрабіла такія, каб дзеці навучыліся гаварыць па-беларуску, бо, на жаль, некаторыя не ўмеюць. Мы не літаркі ўстаўляем і правілы завучваем, а камунікуем. У нас ёсць, напрыклад, тэма «Словы ветлівасці беларускай мовы». І мы іх вывучаем. Сказы складаем, дыялогі. Маё галоўнае правіла на ўроках — не трэба трымаць язык за зубамі.

На беларускай літаратуры Міхаліна прапануе дзецям сучасных аўтараў — Альгерда Бахарэвіча, Валерыя Гапеева, Віктара Марціновіча, Сяргея Календу, Уладзіміра Арлова, Людмілу Рублеўскую.

— З класікі бяру толькі Караткевіча і Мележа «Людзі на балоце». На маю думку, гэта лепшы твор. Там такая сакавітая, жывая беларуская мова. У ім, дарэчы, так шмат сэксуальнага падтэксту. Дзеці спачатку гэтага саромеліся, кажу, давайце называць рэчы сваімі імёнамі. І яны пачалі вольна разважаць. Мая задача паказаць, што па-беларуску можна гаварыць пра ўсё, — працягвае суразмоўца. — Чаму не ўключаю творы Купалы і Коласа? Вучні старэйшых класаў ведаюць гэтых аўтараў, але не разумеюць, пра што іх творчасць. Класікі паказваюць жыццё ў вёсцы, заняпад, нішчымніцу, смутак, змаганне за лепшую долю. Вучні — гарадское пакаленне, і ім цяжка ўспрыняць той лад жыцця. Ім патрэбная нон-фікшан-літаратура. Увогуле, калі б у звычайнай школе вывучалі не только класіку, але і нешта сучаснае, было б лепш. Бо новыя творы — яны яшчэ і пішуцца сучаснай беларускай мовай.

На ўрокі ў анлайн-фармаце Міхаліна перайшла без праблем. Калі ў звычайных класах у яе было каля 30 чалавек, то цяпер — пяць-шэсць. Кажа, заняткі атрымліваюцца як рэпетытарства, што спрыяе лепшаму засваенню матэрыяла. А што тычыца візуальнага кантакту, то падчас працы дзеці самі вырашаюць, хочуць яны ўключаць камеру ці не.

— Звычайна падлеткі гэтага не робяць. Не ведаю, ці то саромеюцца, ці то магчымасці набыць яе няма. Мне гэта не перашкаджае, я вывучыла іх па галасах. Галоўнае, каб яны былі ўключаныя ў працу, — адказвае суразмоўніца. — Адзіны мінус інтэрнэт-заняткаў у тым, што мы не ў адной аўдыторыі. А так я вельмі блізкая з вучнямі, мы стасуемся ў Telegram. У канцы года люблю дзецям задаваць пытанне: «Чаму ты хадзіў на заняткі? Што даведаўся?» Памятаю, адна дзяўчынка адказала: «Бо так патрэбна». Я растлумачыла, што ў іх ёсць выбар і займацца са мной ці не — павінна быць іх жаданнем. За год яна ўсё гэта пераасэнсавава, і цяпер, калі ўжо вольна размаўляе па-беларуску, адказала: «Гэта дзякуючы вам».

А яшчэ, кажа Міхаліна, у іх школе праводзяць заняткі па прадметах беларускага напрамку для дзяцей, якія не вучацца ў іх на пастаянцы, але хочуць ведаць роднае.

— Такія ўрокі ў нас па суботах, — адзначае яна.

«У мяне няма дыктовак і кантрольных»

Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

З булінгам, які быў з боку дзяцей у афлайн-школе, пры анлайн-працы Міхаліна не сутыкалася. Кажа, што ёй з цяперашнімі вучнямі трэба быць больш акуратнай: некаторыя з іх псіхалагічна траўмаваныя. Хтосьці перажыў ужо падвойную эміграцыю. Усё гэта настаўніку трэба ўлічваць.

— Нехта вельмі закрыты, хтосьці гатовы адказваць на пытанні толькі пісьмова: не хоча гаварыць, — апісвае яна асабліваці сваёй працы. — У той жа час нашы дзеці жывуць у розных краінах і дзеляцца вопытам, як ім там. Гэта цікава.

Яшчэ адзін нестандартны момант анлайн-заняткаў — тое, як сачыць, каб на дыктоўках і іншых кантрольных школьнікі не спісвалі.

— У мяне няма дыктовак і кантрольных, — здзіўляе настаўніца. — Я даю творчыя заданні. Калі дзіцёнак не выканаў яго сам, гэта бачна. На пачатку працы практыкавала вывучэнне вершаў на памяць. Хтосьці ўключаў камеру, калі расказваў, а камусьці было прасцей зняць сябе на відэа і адправіць. Зараз менш такое выкарыстоўваю. Для мяне вынік маёй працы не тое, як яны напішуць дыктоўку, а іх камунікацыя на беларускай мове.

Па словах Міхаліны, дзеці — людзі вельмі тэхналагічныя і лёгка прыстасоўваюць штучны інтэлект у сваё жыццё. Карыстаюцца ім шмат, але такое, каб праца поўнасцю была зроблена нейрасеткамі, у практыцы Міхаліны сустракалася толькі двойчы. Хітрасць настаўніца заўважыла адразу.

— Як зразумела? — усміхаецца. — Праз шчыльны кантакт з дзецьмі разумею, хто з іх як думае, хто на што здольны. Калі мяне нешта дзівіла, пыталася: «Хто табе дапамог?» Вучні шчыра адказвалі: «Штучны інтэлект». Пасля заняткаў высвятлялі, якія ў іх былі цяжкасці. Разбіралі, і чалавек усё пераробліваў. І там было такое захапленне, што ён змог сам. Наконт ШІ тлумачу: гэта добрая падказка, я нічога супраць не маю. Але, падкрэсліваю, вы павінны вучыцца думаць самі. Нейрасеткі могуць палягчаць працу, але не рабіць яе за вас. Напрыклад, не ведаеце, як пачаць пісаць. Можаце спытаць, сістэма падкажа.

Параўноўваючы свой досвед працы афлайн і анлайн, Міхаліна гаворыць:

— У Беларусі, калі прыходзіла са школы дадому, казала: «Пакладзіце мяне ў труну». У мяне было поўнае выгаранне, шмат стомленасці. У асноўным гэта здаралася ад таго, што ты шмат часу не вучыш дзяцей, а выхоўваеш. Робіш тое, што не павінна. А тут у мяне запал. Хочацца прыдумляць новае, паказваць, наколькі беларуская мова багатая: няма такіх пачуццяў, якія б яна не магла перадаць. Я шукаю новыя матэрыялы, каб дзецям было цікава, улічваючы іх узрост. І ведаю, бясследна гэта не пройдзе.